Галоўная » Навіны » Хатынь.Трагедыя беларускага народа.

Хатынь.Трагедыя беларускага народа.

Хатынь даўно ўжо з’яўляецца сімвалам болі і смутку па ўсіх ахвярах Вялікай Айчынай. Адна з соцен беларускіх вёсак, зруйнаваных разам з жыхарамі. Адно з соцен месцаў масавага знішчэння мірнага насельніцтва. Здаецца, кожны беларус ведае пра гэта ўсё. Але…

Кніга беларускага гісторыка А.Г. Зельскага “Хатынь. Трагедыя беларускага народа” пачынаецца са старажытнай гісторыі паселішча, першых пісьмовых звестак пра Хотынь (так яна тады звалася), датаваных ажно XVI стагоддзем, з апавядання пра гістарычныя перапетыі, уклад мясцовага жыцця, адраджэнне пасля шматлікіх войнаў. Тым больш жудасным ўяўляецца трагедыя 22 сакавіка 1943 года. Як канец гісторыі многіх пакаленняў, што жылі на гэтай зямлі.

Кніга распавядае пра іншыя вёскі, якім фашысцкія захопнікі наканавалі той жа лес. Не пра ўсе. Не таму, што іх гора меньш. А таму, што каб расказаць пра іх усіх, патрэбна не адна кніга — патрэбен шматтомнік. Але аўтар расказвае пра мемарыяльны комплекс “Хатынь”: пра “Могілкі вёсак”, на якіх сімвалічна пахаваны 185 беларускіх вёсак, што ўжо не адрадзяцца ніколі, пра “Сцяну памяці”, у нішах якой знаходзяцца мемарыяльныя пліты з назвамі канцэнтрацыйных лагераў і месцаў масавага знішчэння людзей на тэрыторыі Беларусі. І пра “Сімвалічныя дрэвы жыцця”, на галінах якіх у алфавітным парадку пералічаны назвы 433 беларускіх вёсак, якія былі знішчаны фашыстамі разам з жыхарамі, але адбудаваны пасля вайны. Іх гісторыя працягваецца. І таму Хатынь — сімвал не толькі болі і смутку, але і стойкасці, і волі да жыцця.