Галоўная » Навіны » Дзень яскравых эмоцый

Дзень яскравых эмоцый

Такім стаў для гасцей і жыхароў горада Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме 1 верасня 2019 года.

Хацелася пабываць усюды. Але гэта было не рэальна: на шматлікіх тэматычных пляцоўках пастаянна адбывалася нешта цікавае. Выставы, прэзентацыі, тэатральныя і літаратурна-мастацкія паказы, прэзентацыі новых культурных праектаў, майстар-класы і кірмашы, турніры і конкурсы часта праходзілі адначасова, і выбар, куды пайсці, быў зусім не просты.

Нацыянальная кніжная палата на гэтым свяце прадставіла выставу першых выданняў кніг – юбіляраў гэтага года і пісьменнікаў-юбіляраў.

                

На стэндзе было прадстаўлена першае выданне аповесці Якуба Коласа пра легендарнага палескага партызана дзеда Талаша "Дрыгва", якое выйшла ў свет 85 гадоў таму ў 1934 годзе.

55 гадоў таму ў 1964 годзе былі ўпершыню выдадзены адразу некалькі твораў, якія ўвайшлі ў скарбніцу беларускай і сусветнай літаратуры: пранікнёная аповесць пра каханне на вайне «Альпійская баллада» Васіля Быкава, глыбокі і лірычны раман Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды», вершаваная казка Уладзіміра Дубоўкі «Мілавіца».

Найстарэйшае з юбілейных выданняў гэтага года – зборнік вершаў і паэм беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, адрэдагаваны Янкам Купалам і выдадзены ў 1905 годзе ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты – прадстаўлены факсімільнай копіяй 1989 г.

Сярод выстаўленых былі кнігі і знаёмых усім па школьнай праграме класікаў беларускай літаратуры Ядвігіна Ш., Міхася Лынькова і Максіма Лужаніна, і менш вядомых Георгія Шчарбатава і Віталя Галавача. Дзіцячыя выданні Авер'яна Дзеружынскага і Васіля Хомчанкі, паэтычныя зборнікі Еўдакіі Лось і Алеся Ставера, кнігі аповесцяў, апавяданняў і эсэ Міколы Лупсякова таксама пакінулі сваё месца ў архіве друку Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, каб зноў паўстаць перад вачыма чытачоў і нагадаць ім, якая багатая і разнастайная беларуская літаратура.