Беларуская кухня
Выдаўцы даўно і часта радуюць знатакоў і аматараў разнастайных страў і напіткаў кнігамі, прысвечанымі кулінарным традыцыям нашых продкаў. І вось зноў выйшла чарговае выданне пад назвай «Беларуская кухня». Але чарговае не значыць звычайнае.
Кніга А. П. Вашчанкі пабудавана «па мытывах» працы «Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности» М. Я. Нікіфароўскага, знакамітага беларускага этнографа ХІХ стагоддзя. Чытач даведаецца, як выпякаць сапраўдны беларускі хлеб у хатніх умовах, як варыць аўсяны кісель, саладуху, крупеню, а таксама як трэба гатаваць клёцкі, камы, стульцы ды іншыя напаўзабытыя стравы. Рэцэпты, а іх 90, пададзены на беларускай, рускай і англійскай мовах. Ёсць у кнізе і звесткі аб традыцыях харчавання продкаў беларусаў, а таксама кароткі слоўнік састарэлых слоў, выразаў і кулінарных тэрмінаў.
Кніга адрасавана шырокаму колу чытачоў.
Вашчанка, А. П. Беларуская кухня = Белорусская кухня = Belarusian cuisine / А. П. Вашчанка ; [пераклад на англійскую мову А. В. Быкавай ; фота: А. П. Вашчанка і інш.]. – Мінск : Беларусь, 2022. – 231 с. – 1500 экз.– ISBN 978-985-01-1555-3.