Беларускія посцілкі і дываны
Першае выданне кнігі «Беларускія посцілкі і дываны. Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы» ажыццёўлена ў 2021 годзе. Кніга аказалася запатрабаванай у чытача, і ў бягучым годзе – новае выданне. Сітуацыя прадказальная, бо імя аўтара – доктара мастацтвазнаўства, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольгі Лабачэўскай – добра вядома ў асяроддзі аматараў беларускай спадчыны.
У кнізе прадстаўлены асноўныя віды і мастацка-тэхналагічныя асаблівасці тканых посцілак і дываноў, што былі створаны ў беларускай вёсцы ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. Апісанне саміх рэчаў знітавана з расказам аб гісторыі іх стварэння і выкарыстання. Напрыклад, у посцілцы маглі насіць траву, а маглі накрыць ёю каня ці выкарыстаць як коўдру. Посцілка была абавязковым атрыбутам дзявочага пасагу, з’яўлялася мерай дабрабыту сям’і, таленту і працавітасці гаспадыні і г. д. У гарадскім асяроддзі посцілкі мелі менш утылітарны сэнс. Гараджанамі яны ўспрымаліся ў першую чаргу як спадчына, як памяць.
Несумненнай каштоўнасцю выдання з’яўляюцца ўнікальныя фотаздымкі, што прадстаўлены на яго старонках у вялікай колькасці, а таксама слоўнік тэрмінаў і наменклатурных найменняў у галіне народнага тэкстыльнага мастацтва.
Кніга адрасавана спецыялістам у музейнай справе, работнікам дамоў рамёстваў, дызайнерам, мастакам і ўсім, хто цікавіцца беларускім народным мастацтвам.
Лабачэўская, В. А. Беларускія посцілкі і дываны: антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы / Вольга Лабачэўская. — 2-е выд. — Мінск : Беларуская навука, 2022 — 286 с. — 500 экз. — ISBN 978‑985‑08‑2824‑8.