Гісторыя беларускай нацыянальнай бібліяграфіі. 1921—2021
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі выйшла ў свет манаграфія кандыдата педагагічных навук, дацэнта, буйнейшага даследчыка гісторыі беларускай бібліяграфіі Кузьмініч Таццяны Васільеўны “Гісторыя беларускай нацыянальнай бібліяграфіі. 1921–2021”.
У манаграфіі разглядаюцца тэарэтычныя аспекты беларускай нацыянальнай бібліяграфіі, такія як месца нацыянальнай бібліяграфіі ў сістэме фарміравання гістарычных ведаў, рэсурсны патэнцыял бібліяграфіі Беларусі, асаблівасці яе гістарычнай перыядызацыі.
Аўтар адзначае такія важныя падставы для стварэння крыніц нацыянальнай бібліяграфіі, асабліва ў перыяд станаўлення дзяржаўнасці, як зацвярджэнне нацыянальнай самасвядомасці, умацаванне моўнай ідэнтыфікацыі, развіццё нацыянальных літаратур.
У другой главе манаграфіі аўтар распавядае пра міжваенны час гісторыі беларуская бібліяграфіі (1921—1939 гады) і характарызуе гэты перыяд як самы плённы ў параўнанні з мінулым часам, нягледзячы на складанасць і супярэчлівасць сацыяльна-культурнага жыцця.
Сучаснае становішча нацыянальнай бібліяграфіі Беларусі разглядаецца ў кантэксце значнага павелічэння аб’ёмаў інфармацыі, паралельнага існавання друкаванага і лічбавага кантэнтаў, развіцця лічбавых тэхналогій і інфармацыйна-камунікатыўных зносін.
Як перспектыўныя задачы для вырашэння аўтарам вызначаны пытанні далейшай цэнтралізацыі каталагізацыі айчынных дакументаў, ліквідацыя дублявання, мэтазгоднасці выпуску друкаваных дзяржаўных бібліяграфічных паказальнікаў разам з падтрымкай іх анлайнавага варыянта і развіццём ЭІР “Нацыянальная бібліяграфія Беларусі”.
Выданне будзе карысным навукоўцам, гісторыкам кнігі, бібліятэчна-бібліяграфічным практыкам, выкладчыкам і студэнтам.
Кузьмініч Т.В. Гісторыя беларускай нацыянальнай бібліяграфіі. 1921—2021 : манаграфія / Т. Кузьмініч. — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2021. — 338 с. –– ISBN 987-985-7235-93-3.