Казкі дзядулі Дняпра
У кнізе беларускага пісьменніка Генадзя Аўласенкі казкі дзецям расказвае сам дзядуля Дняпро, а таксама яго галоўныя прытокі: Сож, Бярэзіна, Свіслач, Прыпяць. Некалькі казак дзядулю Дняпру прынёс у сваім маленькім кошыку Вожык. Ён іх дзеля гэтага спецыяльна ў лесе збіраў…
Але не толькі казкі падрыхтаваны для юных чытачоў. Кожная з іх мае дадатковы раздзел – то «Крыху гісторыі», то «Крыху геаграфіі», то проста «Даведку». Напрыклад, у пачатку кнігі аўтар нагадвае пра тое, што ведалі людзі пра Днепр у старажытнасці… Таксама юныя чытачы могуць даведацца пра тое, што ў сярэднявеччы ў беларускіх рэках было вельмі шмат асятровых рыб, ці разабрацца, што сабой уяўляў шлях «з варагаў у грэкі» і хто ім карыстаўся.
Аўтарскія пазнавальна-займальныя апавяданні цудоўна дапаўняюць ілюстрацыі мастачкі Святланы Стахоўскай.
Кніга разлічана на дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, але і дарослым таксама карысна пачытаць добрыя гісторыі і на нейкі час вярнуцца ў дзяцінства.
Аўласенка, Г. П. Казкі дзядулі Дняпра / Г. П. Аўласенка — Мінск : Звязда, 2022. – 109 с. — 1100 экз. — ISBN 978-985-575-333-0.