Не гром нябесны
«Не гром нябесны» – гэта чарговы зборнік праніклівых і поўных пачуццяў празаічных і лірычных твораў Уладзіміра Паўлавіча Несцяровіча, якога дасведчаныя чытачы ведаюць яшчэ і як журналіста. Ёсць у кнізе і рэпрадукцыі карцін аўтара.
Зборнік адкрывае артыкул «Замест прадмовы», у якім Кастусь Цыбульскі, ухваляючы кнігу, піша: «Тут кожны твор – размова па сутнасці. Дамагацца эмацыянальнага ўздзеяння на чытача аўтару дазваляюць і вострае ўспрыманне жыццёвых з’яў, і ўменне падаць матэрыял так, каб непрыкметнае і нават, на першы погляд, зусім нецікавае зрабілася яркім, вобразным і захапляючым <…>. Унікаючы ў змест вершаў, адразу адчуваеш, што аўтар не грэбуе рыфмай, хаця і не ганяецца за ёю ва ўрон напісанаму. Глыбокаму сэнсу адпавядае кожны радок ці нават слова». Варта адзначыць, што адно з апавяданняў кнігі – «Мутны кактэйль» – удзельнічала ў творчым конкуре, аб’яўленым Саюзам пісьменнікаў Беларусі, і ў студзені 2022 года пры падвядзенні вынікаў было прызнана лепшым вострасюжэтным дэтэктыўным апавяданнем.
Кніга разлічана на аматараў прозы і паэзіі.
Несцяровіч, У. П. Не гром нябесны : [зборнік прозы і паэзіі] / Уладзімір Несцяровіч ; [уступны артыкул К. Цыбульскага] — Мінск : Чатыры чвэрці, 2022. — 156 с. : іл. — 99 экз. — ISBN 978-985-581-525-0