Друк Беларусі
"Друк Беларусі, 2015" – чарговы выпуск штогадовага статыстычнага выдання Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, які змяшчае асноўныя паказчыкі стану выдавецкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе, і асобныя параўнальныя даныя статыстыкі выданняў за апошнія пяць гадоў (2010–2014 гг.).
Статыстычны ўлік выдавецкай прадукцыі вядзецца на аснове абавязковага бясплатнага экзэмпляра выданняў. Дадатковай крыніцай з'яўляецца ведамасная справаздачнасць па формах "Звесткі аб выпуску неперыядычных выданняў" і "Звесткі аб выпуску і распаўсюджванні друкаваных сродкаў масавай інфармацыі", якая паступае ад выдавецтваў і рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі.
У зборніку адлюстроўваецца статыстыка выпуску асноўных відаў неперыядычных і перыядычных выданняў: кніг і брашур, аўтарэфератаў дысертацый, нотных, картаграфічных і выяўленчых выданняў, часопісаў, бюлетэняў, перыядычных зборнікаў, зборнікаў, якія працягваюцца, газет, а таксама электронных выданняў.
За адзінку ўліку прымаецца кожнае выданне кнігі, кожны том шматтомнага выдання, кожны выпуск перыядычнага выдання, паштоўка, лістоўка і г. д. Статыстычныя даныя дыферэнцуюцца па гадах выпуску, выдавецтвах, мэтавым прызначэнні, тэматыцы, мовах, жанрах і іншых прыкметах. Статыстыка выдання мастацкай літаратуры прыводзіцца ў дынаміцы выпуску за апошнія пяць гадоў (2011–2015 гг.)
Нарматыўнай базай статыстыкі друку Беларусі з'яўляюцца:
- міждзяржаўны стандарт "ГОСТ 7.81-2001. Статыстычны ўлік выпуску неперыядычных і перыядычных выданняў, выданняў з працягам";
- міжнародныя рэкамендацыі ЮНЭСКА у галіне статыстычнага ўліку выданняў.
Ступень паўнатыі і дакладнасці звестак аб выпуску друкаваных выданняў у Рэспубліцы Беларусь адпавядае паўнаце паступлення абавязковых бясплатных экзэмпляраў выданняў у Нацыянальную кніжную палату Беларусі для дзяржаўнай бібліяграфічнай рэгістрацыі, статыстычнага ўліку і архіўнага захоўвання. Даныя аб выпуску электронных выданняў падрыхтаваны на аснове ведамаснай справаздачнасці па форме "Звесткі аб выпуску неперыядычных выданняў".
Статыстычныя звесткі, прыведзеныя ў зборніку, носяць афіцыйны характар і адрасаваныя спецыялістам выдавецка-паліграфічнай галіны, даследчыкам, дзяржаўным служачым, супрацоўнікам кніжнага гандлю, друку і сродкаў масавай інфармацыі, бібліятэкарам, бібліёграфам, выкладчыкам і студэнтам навучальных устаноў.