Газеты Беларусі, 1776-1975
Паказальнік змяшчае інфармацыю аб 2010 беларускіх газетах за перыяд з моманту выхаду першай газеты на тэрыторыі сучаснай Беларусі ("Gazeta Grodzienska", май 1776 г.) па 1975 год уключна.
Перад укладальнікамі стаяла задача стварэння бібліяграфіі перыёдыкі, у якой беларускія газеты былі б прадстаўлены найбольш поўна. Паказальнік уключае інфармацыю аб газетах на беларускай мове, а таксама на іншых мовах, выдадзеных на тэрыторыі сучаснай Беларусі або за яе межамі пры ўмове наяўнасці ў выхадных звестках выдання органа, прыналежнага да Беларусі.
Значная частка газет прагледжана de visu.
Інфармацыя для зводнага апісання газеты збіралася ў розных бібліяграфічных установах і крыніцах. Асноўнай базай для складання паказальніка паслужылі фонды і каталогі Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі ім. Я. Коласа НАН Беларусі, музея Вялікай Айчыннай вайны і інш. Частка інфармацыі аб дарэвалюцыйнай перыёдыцы была атрымана з дзяржаўных абласных архіваў Рэспублікі Беларусь.
Змест паказальніка:
І. Газеты на беларускай і рускай мовах.
ІІ. Газеты на замежных мовах.
ІІІ. Аднадзённыя газеты.
Дапаможныя паказальнікі да тэксту:
– імянны,
– алфавітны паказальнік назваў газет,
– паказальнік месцаў выдання,
– храналагічны,
– паказальнік выдаючых калектываў (арганізацый і ўстаноў),
– паказальнік моў (акрамя беларускай і рускай) газет і тэкстаў газетных публікацый,
– спіс скарачэнняў у назвах арганізацый і некаторых іншых слоў.
Рэтраспектыўны бібліяграфічны паказальнік прызначаны работнікам бібліятэк, навукоўцам, літаратуразнаўцам, журналістам, выдаўцам, супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі – усім, хто цікавіцца гісторыяй перыёдыкі Беларусі.
Выданне выйшла абмежаваным тыражом.
Выданне прадаецца. Кошт і парадак набыцця паказаны на старонцы Платныя паслугі.