Галоўная » Падзеі » А. П. Арлоў “Деятели искусств на монетах мира”

А. П. Арлоў “Деятели искусств на монетах мира”

Аказваецца, такія непапулярныя ў банкіраў манеты як 2 еўра і 10 еўрацэнтаў, папулярныя сярод калекцыянераў, паколькі маюць адносіны да свету мастацтва і з'яўляюцца прадметамі калекцыяніравання.

Гэтыя манеты разам з іншымі, амаль пяцью сотнямі калекцыйных манет, у тым ліку такімі дарагімі і рэдкімі як 2000 даляраў з золата з выявай работ Г. Фабержэ або 5000 еўра з партрэтам Пабла Пікаса, сталі прадметам кнігі вядомага беларускага калекцыянера манет і папяровых грошай з больш чым паўвекавым стажам Аляксандра Пятровіча Арлова «Деятели искусств на монетах мира», выпушчанай выдавецтвам «Кнігазбор».

Сціплыя медныя або шыкоўныя, зробленыя з золата і срэбра, упрыгожаныя каляровай эмаллю або крышталямі Свароўскі, круглыя, авальныя, шматкутныя, квадратныя або прамавугольныя — усе гэтыя памятныя манеты аб'ядноўвае тое, што яны прысвечаны выбітным дзеячам мастацтва і іх творам.

Акрамя малюнкаў манет у натуральную велічыню і іх апісання (намінальны кошт, выкарыстаны матэрыял, краіна, у якой манета была адчаканена), у кнізе змешчаны партрэты людзей, памяці якіх прысвечаны іх выпуск, і кароткія звесткі пра іх. Шырокі як геаграфічны (43 краіны), так і часовы ахоп тэмы (самая ранняя са згаданых ў кнізе манет датавана 1928 годам). Згрупаваны яны па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці дзеячаў мастацтваў, таму, напрыклад, у раздзеле «Італія» можна ўбачыць побач ліры, еўра, юані, афгані і рублі, прысвечаныя Джузэпэ Вердзі.

На беларускіх манетах увекавечаны скульптар Заір Азгур, мастацтвазнаўца Алена Аладава, тэатральныя дзеячы Ігнат Буйніцкі і Глеб Глебаў, мастакі Павел Масленікаў, Напалеон Орда і Іван Хруцкі.