Галоўная » Падзеі » Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш

Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш

«Думаю, ты ўжо звяртаў увагу на сугучнасць такіх слоў, як “сябры” і “сербы”. У гэтым, напэўна, ёсць своеасаблівы, а магчымі і нейкі таямнічы сэнс. <…> іх яднае не толькі сяброўства, але і сваяцтва – адны карані, агульны радавод, а таксама падобныя гістарычныя шляхі ад глыбокай старажытнасці і да цяперашняга часу».
З прадмовы І. Чароты да кнігі «Мовы ўсяго жывога».


Нацыянальная кніжная палата прадстаўляе 28 лютага – 4 сакавіка 2018 года на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы падборку кніг, звязаных з Ганаровым госцем гэтага года – Рэспублікай Сербія. Гэта выдадзеныя ў Беларусі з 1969 года і да 2017 года творы сербскіх (і раней – югаслаўскіх) аўтараў у перакладзе на беларускую і рускую мовы, кнігі на сербскай мове, а таксама літаратура, якая адлюстроўвае супрацоўніцтва беларускіх і сербскіх навуковых арганізацый і прамысловых прадпрыемстваў.

Некаторыя з іх, як, напрыклад, вельмі кранальная гісторыя дзяцінства «Агі і Эма» І. Каларава або сачыненні свяціцеляў Юстына і Мікалая Сербскага, старца Тадэвуша Вітаўніцкага перавыдаваліся шмат разоў. Іншыя, хоць і выходзілі толькі аднойчы, знаходзілі і, несумненна, яшчэ будуць знаходзіць свайго чытача. Бо яны так сугучны нашаму мінуламу і сучаснасці.

Чытаеш антысталінскі «Баланс советского термидора» Ж. Паўловіча і разумееш, што сталінізм у СССР не быў нейкай выключна савецкай ідэалогіяй нават да другой сусветнай вайны, інакш гэтая кніга не каштавала б жыцця яе аўтару, які загінуў ад рук югаслаўскіх камуністаў. Бярэш у рукі «Нататкі пісьменніка» Д. Чосіча і бачыш у ёй словы, якія ў горкія хвіліны ў думках праносіліся ў галаве, напэўна, у многіх беларускіх інтэлігентаў, якія з энтузіязмам сустрэлі перабудову: «Калі маё імкненне змяніць існуючы парадак прывяло да ўзнікнення горшага, то маё жыццё не толькі пражыта дарма». Нават дзіцячая кніга «Югаславянскія казкі», выдадзеная ў 1999 годзе, не толькі кажа аб тым, якія блізкія маральныя запаветы нашых продкаў, але і нагадвае сваім эпіграфам аб той салідарнасці, якую мы тады адчувалі: «Выданне прысвячаецца дзецям Югаславіі, ахвярам натаўскай агрэсіі 1999 года».

А бліскучая праца «Філасофія і рэлігія Ф. М. Дастаеўскага» прападобнага Юстына (Паповіча), або зборнікі артыкулаў «Народ сербскі: яго абрады і звычаі, святы і святыні» пад рэдакцыяй І. А. Чароты, вялікая частка якіх перакладзена студэнтамі-славістамі, ці рэпрынтнае выданне «Запісак янычара»... Аповяд аб усіх цікавых кнігах заняў бы не адну гадзіну і запатрабаваў бы не адну тысячу слоў. На нашай экспазіцыі на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы на праспекце Пераможцаў,14 кожны, напэўна, адкрые для сябе нешта новае.