Галоўная » Падзеі » З юбілеем кнігі!

З юбілеем кнігі!

...Жыццё добрай кнігі падобна да жыцця чалавека. Яе зараджэнне — таямніца, яе з'яўленне на свет — падзея для ўсіх, хто мае да гэтага дачыненне. А потым, ужо пасля набыцця ёю поспеху, — юбілей. Дата, калі маюць звычай падводзіць вынікі.

Беларускім выданням – юбілярам 2018 года была прысвечана адна з экспазіцый Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі на святкаванні Дня беларускага пісьменства, што праводзіўся ў гэтым годзе ў Іванаве.

Вядома, няма магчымасці прадставіць іх усе. Кнігі для экспазіцыі былі падабраны такім чынам, каб наведвальнікі здолелі адчуць дух часу і яго бег, ўбачыць не абмежаваную рамкамі школьнай праграмы творчасць класікаў і не абмежаванае толькі імі чытацкае прызнанне. Ажыццявіць разам з сучаснымі беларускімі выдаўцамі вяртанне да першакрыніц. Заўважыць, як змяняліся выдавецкія стандарты і мастацкае афармленне кніг.

Першае выданне рамана У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» (1968 г.).

Надрукаваны ў ваенным 1943 годзе ў перакладзе на рускую мову ў Маскве зборнік «Сцяг брыгады» А. Куляшова. Выдадзеная ў 1938 годзе малавядомая зараз п'еса Я. Коласа «Вайна вайне»

Казка Якуба Коласа «Рак-вусач», што стала дзіцячай класікай. Кніга апавяданняў А. Васілевіч «Калінавая рукавічка» з ілюстрацыямі вядомай беларускай мастачкі Н. Шчаснай. «Сын вады» (1928 г.) і «Палескія рабінзоны» (1968 г.) Я. Маўра – прыгодніцкія аповесці з нязменна сацыяльным падтэкстам, якія больш за іншыя падручнікі гавораць аб сваім часе. Кніга В. Віткі «Вавёрчына гора» (1948 г.), ілюстрацыі якой дазваляюць ўбачыць Д. Красільнікава не толькі як майстра востра сатырычнага малюнка.

І, вядома ж, факсімільныя выданні кніг М. Багдановіча "Вянок" (1913 году), Я. Купалы "Жалейка" (1908 году) і «Шляхам жыцця" (1913 году), дзякуючы якім кожны можа акунуцца ў атмасферу часу, з якім мы зараз звязваем пачатак беларускага духоўнага адраджэння.