Галоўная » Слоўнік беларускай мовы

Слоўнік беларускай мовы

У 2024 годзе лексікаграфічная база беларускай мовы папоўнілася яшчэ адной крыніцай. У выдавецтве «Беларуская навука» рэалізавана новае выданне акадэмічнага нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» пад рэдакцыяй доктара філалагічных навук Русак Валянціны Паўлаўны. Слоўнік укладзены сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі (Кандрацені І. У., Кунцэвіч Л. П., Маслоўскай Н. П., Татур В. Л., Уласевіч В. І.) і выкладчыкаў беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (Кірдун А. А. і Русак В. У).

Папярэдняя рэдакцыя слоўніка датуецца 2012 годам. Гэта было папраўленае і дапоўненае выданне «Слоўніка беларускай мовы» 1987 года пад рэдакцыяй акадэміка М. В. Бірылы, ажыццёўленае ў сувязі з увядзеннем з 1 верасня 2010 года новых «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

«Слоўнік беларускай мовы» 2024 года падрыхтаваны з улікам тых змяненняў, што адбыліся ў моўнай практыцы за апошнія два дзесяцігоддзі. Як адзначаецца ў прадмове выдання, «тэндэнцыя замацавання сучаснага нарматыўнага словаўжывання праходзіць з улікам распаўсюджанасці і ўніфікацыі варыянтаў, паколькі, як вядома, літаратурнай мове не патрэбна неапраўданая дублетнасць і разнабой». Хаця ў слоўніку і адлюстраваны выпадкі дваякага напісання слоў (напрыклад, як базі́раваць і базава́ць, калго́ткі і калго́ты, калькі́раваць і калькава́ць, каўбаса і кілбаса, навыло́мліваць і навыло́мваць, яе́чня і яе́шня), але яны не з’яўляюцца шматлікімі і адносяцца да дынамічных працэсаў функцыянавання.

Рэестр слоўніка ўключае каля 150 тысяч лексічных адзінак, што на 32 тысячы больш, чым у слоўніку 1987 года. Для параўнання: вядомы акадэмічны «Русский орфографический словарь» (пад рэдакцыяй У. У. Лапаціна і інш.) налічвае каля 180 тысяч слоў; у сучаснай англійскай мове 600–750 тысяч слоў; у нямецкай, паводле розных падлікаў, ад 185 да 300 тысяч слоў; самы вялікі слоўнік французскай мовы налічвае крыху больш за 100 тысяч слоў. Калі гэтыя лічбы разгледзець прапарцыянальна колькасці носьбітаў пэўнай мовы, то высвятліцца, што патэнцыял лексічнага развіцця беларускай літаратурнай мовы павінен ацэньвацца як найвышэйшы.

Карыстальнік «Слоўніка беларускай мовы» 2024 года атрымае інфармацыю не толькі пра нарматыўнае напісанне слоў, але і пра месца націску, формы скланення і спражэння. Выданне разлічана на мовазнаўцаў, настаўнікаў беларускай мовы, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў, журналістаў, пісьменнікаў, рэдактараў і ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай.

Слоўнік беларускай мовы / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа ; уклад. В. П. Русак [і інш.] ; навук. рэд. В. П. Русак. – Мінск : Беларуская навука, 2024. – 915 с. – 1000 экз. – ISBN 978-985-08-3088-3.

 

Паказаны толькі: Навукова-папулярныя кнігі (3)Мастацкая літаратура (19)Гісторыя (28)Для дзяцей (13)Краязнаўства (5)Спорт (2)Бізнэс (1)Жаночае пытанне (2)Мастацтва (7)Біяграфіі (7)Кітай (1)Рэлігія (2)Фальклор (1)Літаратуразнаўства (1)Архітэктура (6)Альбомы (3)Казкі (5)Псіхалогія (1)Беларуская літаратура (4)Этнаграфія (4)Жывапіс (2)Віцебск (1)Полацк (1)Паэзія (2)Прадпрымальніцтва (1)Менеджмент (1)Культура (1)Малдова (1)Проза (1)Публіцыстыка (1)Беларусь (33)Археалогія (2)Вялікая Айчынная вайна (6)Гумар (5)Бібліяграфія (1)Друк (10)Кнігавыданне (10)Народнае мастацтва (8)гісторыя (4)СССР (1)Узброеныя сілы (1)Смаргонскі раён (1)Шчучынскі раён (1)архітэктура (1)Художественная литература (1)Белорусская литература (1)Для детей (1)Гродна (1)Фатаграфія (1)Брэст (1)Брэсцкая крэпасць (1)Мінск (1)Яўрэі ў Беларусі (1)Генацыд беларускага народу (1)Кыргызстан (1)