100 гадоў НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КНІЖНАЙ ПАЛАЦЕ БЕЛАРУСІ
Гісторыя кніжных палат на тэрыторыі былога СССР як дзяржаўных устаноў з шырокім спектрам задач у галіне кнігазнаўства і бібліяграфіі бярэ свой пачатак у першыя дні лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, калі Часовым урадам была створана Асаблівая камісія па ліквідацыі Галоўнага ўпраўлення па справах друку пры Міністэрстве ўнутраных спраў. Разам з тым некаторыя даследчыкі пачынаюць адлік гісторыі кніжных палат з 1907 года, калі ў Расійскай імперыі быў заснаваны такі друкаваны орган, як кніжны летапіс.
Камісія, абмеркаваўшы пытанне аб далейшых формах рэгістрацыі твораў друку і выданні «Кніжнага летапісу», прызнала прынцыпова неабходным стварэнне асаблівай дзяржаўнай установы з шырокімі навуковымі і практычнымі задачамі пад назвай «Кніжная палата». Для разгляду Часовым урадам быў падрыхтаваны важны дакумент пад назвай «Тлумачальная запіска да заснавання Кніжнай палаты», складзены ў незвычайным для афіцыйных дакументаў стылі, у якім гаварылася:
«...Неабходна ўзвесці будынак светлай «Кніжнай палаты», дзе можна было б людзям навукі, кнігі, друку наогул улічыць свае назапашаныя яшчэ ў часы старой улады кніжныя багацці, разабрацца ў іх, але ўжо без утойвання і аглядкі, і ў той жа час стварыць базу для ўсебаковага назірання і вывучэння «рэк кніжных славес»... Палата павінна быць ёмістая і задачы яе шырокія і разнастайныя. Яна перш за ўсё павінна сачыць за ўсім, што толькі выходзіць з-пад друкарскага станка, пачынаючы з кнігі, газеты, гравюры, канчаючы лятучкай і паштоўкай; яна павінна ўсё, што выходзіць з-пад друкарскага станка, зарэгістраваць і апублікаваць у асаблівым выданні («Кніжны летапіс»)».
У далейшым ужо 27 красавіка 1917 года Часовым урадам у пастанове «Аб установах па справах друку» заканадаўча было зафіксавана стварэнне першай Кніжнай палаты, якая ў далейшым функцыянавала як Усесаюзная кніжная палата, а зараз – Расійская кніжная палата пры Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы.
Паэтапна, дзякуючы планамернай рабоце і палітыцы шматнацыянальнай савецкай дзяржавы, кніжныя палаты сталі засноўвацца ў саюзных рэспубліках.
У 1919 годзе пачынаюць сваю дзейнасць Галоўная кніжная палата ў Кіеве і кніжныя палаты ў Вінніцы, Магілёве і Днепрапятроўску. У 1922 годзе створана Украінская кніжная палата ў Харкаве і Кніжная палата Арменіі.
Дарэчы, Кніжныя палаты – гэта не спадчына савецкага мінулага, як думаюць некаторыя. Сістэма рэгістрацыі абавязковага экзэмпляра друку сфармавалася ў еўрапейскай культуры яшчэ ў 1537 годзе, так што хутка ёй споўніцца 500 гадоў. І да сённяшняга дня абавязковы экзэмпляр застаецца самай надзейнай крыніцай для захавання нацыянальных дакументаў як часткі ўсёй культурнай і інтэлектуальнай спадчыны дзяржавы і народа.
Пасля распаду СССР працягваюць сваю дзейнасць Нацыянальная дзяржаўная кніжная палата Казахстана, Дзяржаўная кніжная палата Кіргізіі, Нацыянальная кніжная палата Малдовы, Кніжная палата Украіны, Дзяржаўная кніжная палата Туркменістана, Дом кнігі Таджыкістана (перайменаваная кніжная палата). Расійская кніжная палата ў 2021 годзе з-пад кіравання інфармацыйнага агенцтва ТАСС перададзена пад кіраванне Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі і цяпер ажыццяўляе сваю дзейнасць у структуры бібліятэкі як «Комплекс “Расійская кніжная палата”» з захаваннем усіх функцый. У іншых постсавецкіх рэспубліках функцыі кніжных палат або страчаны або перададзены нацыянальным бібліятэкам.
У выдавецкай індустрыі так званага далёкага замежжа інстытут кніжных палат таксама атрымаў развіццё. З першай паловы ХХ стагоддзя і да сённяшняга моманту працуюць кніжныя палаты ў Бразіліі, Аргенціне, Калумбіі. Праўда, гэтыя арганізацыі, у адрозненне ад устаноў савецка-постсавецкай прасторы, не з'яўляюцца дзяржаўнымі, а ўяўляюць сабой грамадзянскія асацыяцыі. Разам з тым у спектры іх функцый выяўляецца шэраг ідэнтычных пазіцый. Напрыклад, як і Нацыянальная кніжная палата Беларусі, кніжныя палаты Бразіліі, Аргенціны і Калумбіі ажыццяўляюць адміністраванне сістэмы міжнароднага стандартнага нумара кнігі ISBN на нацыянальным узроўні і адказваюць за ідэнтыфікацыю і рэгістрацыю ўсіх кніг, выдадзеных у краіне; займаюцца распрацоўкай тэхнічных нарматыўных прававых актаў па выдавецкай справе, кніжным гандлі і бібліяграфіі; выконваюць штогадовыя аналізы вытворчасці друкаванай прадукцыі; і інш.
Але вернемся ў гісторыю нашай кніжнай палаты. З 1922 года функцыі рэспубліканскай кніжнай палаты выконвала Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка і толькі ў 1924 годзе самастойны статус кніжнай палаты быў зафіксаваны юрыдычна. 25 чэрвеня 1924 г. апублікавана пастанова СНК БССР № 47 «Аб Беларускай кніжнай палаце». Пастановай на Беларускую кніжную палату былі ўскладзены функцыі па атрыманні абавязковых экзэмпляраў усіх твораў друку, якія выпускаліся на тэрыторыі БССР, назіранне за своечасовасцю і паўнатой дастаўкі абавязковых экзэмпляраў, захоўванне аднаго абавязковага экзэмпляра ў архіве Палаты. Такая праца палаты не страціла актуальнасці на працягу стагоддзя і працягваецца да сённяшняга дня. Разам з тым згодна з пастановай № 47 Беларуская кніжная палата выконвала і асаблівае кола абавязкаў, з часам страчанае.
Так, Беларуская кніжная палата самастойна або праз Упраўленне па справах друку павінна была ініцыяваць судовы пераслед супраць асоб, вінаватых у парушэнні правілаў па дастаўцы абавязковых экзэмпляраў, што было замацавана ў спецыяльным артыкуле Крымінальнага кодэкса. Палата таксама была надзелена правам мець сваіх прадстаўнікоў на месцах для кантролю над выкананнем пастаноў аб рэгістрацыі твораў друку і сама з'яўлялася такім прадстаўніком пры іншых кніжных палатах.
Першы паказальнік «Летапісу друку Беларусі» быў апублікаваны ў 1924 годзе ў часопісе «Асвета» пад рубрыкай «Кнігапіс», якая зараз выкарыстоўваецца як рубрыка сайта Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, прысвечаная кніжным навінкам.
У гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць Беларускай кніжнай палаты была практычна прыпынена. Пасля вайны, да 1976 года палата функцыянавала ў структуры Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, а ў 1977 годзе была выдзелена з бібліятэкі ў самастойную арганізацыю ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР «Аб стварэнні Дзяржаўнай кніжнай палаты БССР». У 1992 годзе Дзяржаўная кніжная палата перайменавана ў Нацыянальную кніжную палату Беларусі.
Сёння Законам Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справа» на Нацыянальную кніжную палату Беларусі ўскладзены абавязкі па дзяржаўнай рэгістрацыі і статыстыцы друку, стварэнню дзяржаўнай бібліяграфічнай інфармацыі, захоўванню архіўных экзэмпляраў. Каля 40–45 тысяч друкаваных выданняў выпускаецца ў Рэспубліцы Беларусь у апошнія гады, і ўсе яны праходзяць праз рукі супрацоўнікаў Кніжнай палаты. Каля 40 выданняў у год, якія адлюстроўваюць нацыянальны друк нашай краіны, выпускаецца Кніжнай палатай. Кніжная палата – цэнтр статыстыкі друку, Беларускае агенцтва міжнароднай стандартнай кніжнай нумарацыі, галіновая арганізацыя па стандартызацыі ў сферы выдавецкай справы і дзяржаўнай бібліяграфіі.
У фондасховішчы палаты захоўваецца больш за 4 млн адзінак дакументаў. За 100 гадоў нам удалося не толькі захаваць архіўны фонд друкаваных выданняў Беларусі, але і апісаць яго, захаваць кожнае выданне ў серыі «Летапіс друку Беларусі». Гэта мае вялікае значэнне для нацыянальнай культуры, бо выданні – і друкаваныя, і цяпер ужо электронныя – гэта тыя крыніцы, якія з аднаго боку з'яўляюцца крыніцамі фактаў і падзей сучаснасці і мінулага, а з іншага знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай іх страты.
Пакуль Нацыянальная кніжная палата Беларусі пазіцыянуе сябе як стваральнік і захавальнік друкаванай спадчыны, але сваю будучыню яна звязвае з сусветнымі тэндэнцыямі развіцця інфармацыйных тэхналогій. У сучасным свеце ўжо існуюць прагнозы аб тым, што праз 10—15 гадоў дзве траціны ўсіх кніг будуць выпускацца на лічбавых носьбітах, якія таксама трэба ўлічваць і захоўваць. Сусветнай супольнасцю лічбавая спадчына нараўне з друкаванай прызнана часткай культурнай спадчыны.
100 гадоў – доўгі шлях. Часам ён быў складаны і рызыкоўны, але ў цэлым слаўны і высакародны. Сёння на розных дыскусійных пляцоўках выказваецца меркаванне, што інстытут кніжных палат з уласцівымі яму функцыямі і магчымасцямі не толькі з'яўляецца надзейным гарантам захавання ўсёй друкаванай спадчыны краіны, але сведчыць аб прысутнасці ў дзяржаве палітыкі, накіраванай на ўстойлівае развіццё як культурна-прававой арганізацыі, змацаванай адказным стаўленнем да пытанняў пераемнасці гэтай спадчыны.
У Нацыянальнай кніжнай палаце Беларусі заўсёды працавалі і працягваюць працаваць цудоўныя спецыялісты – сапраўдныя энтузіясты сваёй справы. Жадаем нашаму выдатнаму калектыву міру, здароўя, дабрабыту, працвітання і новых поспехаў і дасягненняў у сваёй высакароднай справе – стварэнні друкаванай спадчыны Рэспублікі Беларусь!