5 мая – Дзень друку
Штогод 5 мая ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі № 157 ад 26 сакавіка 1998 года ў нашай краіне адзначаецца Дзень друку. Гэта прафесійнае свята журналістаў, рэдактараў, выдаўцоў, паліграфістаў, а таксама прадстаўнікоў іншых прафесій, якія маюць дачыненне да друкаваных выданняў.
Па адной з версій, выбар для свята даты 5 мая прымеркаваны да дня першага выхаду ў тыраж газеты «Правда» ў 1912 годзе. Па іншай версіі, 5 мая абрана таму, што ў гэты дзень у 1581 годзе ў Астрожскай друкарні Івана Фёдарава выйшаў першы славянскі каляндар Андрэя Рымшы «Храналогія». Да кожнага месяца ў ім друкаваліся вершы, што рабіла гэта друкаванае выданне ўнікальным і вельмі запатрабаваным.
У гісторыі беларускага друку ёсць нямала і іншых знамянальных дат, у тым ліку:
- 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына выдаў у Празе «Псалтыр», якая стала першай друкаванай кнігай для ўсходніх славян.
- 4 верасня 1563 года ў Брэсце на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага была надрукавана Брэсцкая Біблія, якая ўяўляе сабой другі поўны пераклад Пісання на літаратурную польскую мову. Гэта самая вялікая і багата аформленая беларуская друкаваная кніга XVI стагоддзя.
- 24 ліпеня 1618 года ў мястэчку Еўе пад Вільна ў друкарні Віленскага Свята-Духаўскага праваслаўнага брацтва быў надрукаваны першы ў свеце буквар. Само слова «буквар» прыдумана беларусамі. Варта адзначыць, што доўгі час першым беларускім букваром лічылася кніга, выдадзеная некалькі пазней Спірыдонам Собалем.
- У 1562 годзе ў друкарні ў Нясвіжы быў надрукаваны «Катэхізіс» Сымона Буднага – кніга кароткіх пытанняў і адказаў на хрысціянскія тэмы. Складалася больш чым з пяцісот старонак. Гэта першая кніга, надрукаваная на жывой мове тагачасных беларусаў. Менавіта ў ёй упершыню паслядоўна перадаецца пераход «у» ва «ў», ужываецца ў асноўным беларуская лексіка, а таксама даецца пераклад беларускіх слоў.
- 2 красавіка 1886 года выйшаў першы нумар прыватнай газеты «Минский листок». Гэта была першая ў Беларусі грамадска-палітычная і літаратурная газета. Дазвол на яе выданне атрымаў мінскі натарыус Іван Фацінскі. Выходзіла на рускай мове 2-3 разы на тыдзень з 1886 па 1902 гг. у Мінску, асвятляла жыццё горада, падзеі ў краіне і за мяжой. Газета знаёміла чытачоў не толькі з творамі рускіх класікаў літаратуры (А.П. Чэхава, А.М. Астроўскага, М.В. Гогаля, І.С. Тургенева і інш.), але і беларускіх аўтараў, якія пісалі на беларускай мове (Я. Лучыны, У. Сыракомлі, К. Каганца і інш.). У 1889 г. «Минский листок» упершыню надрукаваў ананімную паэму «Тарас на Парнасе».
- 1 верасня 1906 года выйшаў першы нумар «Нашай долі», першай легальнай газеты на беларускай мове. Гэта было штотыднёвае выданне рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, выдавалася ў Вільні групай дзеячаў Беларускай сацыялістычнай грамады.