Галоўная » Падзеі » Беларусь – ганаровы госць на Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы

Беларусь – ганаровы госць на Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы

З 30 жніўня па 3 верасня 2023 года ў Маскве ў Цэнтральным выставачным комплексе «Экспацэнтр» на Чырвонапрэсненскай набярэжнай прайшоў 36-ы Маскоўскі міжнародны кніжны кірмаш (ММКК). Гэта адзін з найбуйнейшых кніжных форумаў ва Усходняй Еўропе, які праводзіцца штогод з 1977 года. Удзел у кірмашы праходзіў у афлайн-і анлайн-фармаце, таму ён быў даступны аматарам кніг з любой кропкі свету.

Свае навінкі і бэстсэлеры (мастацкую, дзіцячую і вучэбную літаратуру, нон-фікшн, коміксы, падарункавыя выданні і інш.) на ММКК прадставілі больш за трыста выдавецтваў з розных рэгіёнаў Расіі, Беларусі, Германіі, Казахстана, Кітая і Ірана.

Да нацыянальнага стэнда Беларусі, па водгуках удзельнікаў і гасцей кірмашу, была павышаная цікавасць, паколькі наша краіна мела на гэтым мерапрыемстве асаблівы статус ганаровага госця. Беларусь прадставіла больш за 500 выданняў у рамках праектаў: «Генацыд беларускага народа», падрыхтаваны сумесна з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь; «Прысмак каляровых рэвалюцый», арганізаваны аналітычным цэнтрам ЕсооМ сумесна з выдавецкім домам «Беларусь сёння»; «За духоўнае адраджэнне».

Ва ўрачыстым адкрыцці стэнда Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч.

У аснову афармлення стэнда Рэспублікі Беларусь быў закладзены сумесны гісторыка-асветніцкі праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і калекцыянера, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага». Цікавым дапаўненнем праекта стала магчымасць інтэрактыўнага» «ажыўлення» размешчаных на стэндзе фотаздымкаў: пры дапамозе мабільнай карыстальніцкай праграмы АіВ, наведвальнікі маглі перанесціся з фотаздымкаў розных куткоў Беларусі XIX—пачатку ХХ стагоддзя ў сучаснасць.

Больш падрабязную інфармацыю аб праграме ММКК і яго падзеях можна атрымаць на сайце http://mibf.info/