Галоўная » Падзеі » Кніжная галіна Расіі ў 2022 годзе: цікавыя вынікі

Кніжная галіна Расіі ў 2022 годзе: цікавыя вынікі

Вясна – гэта час, калі становяцца яснымі вынікі папярэдняга года калі не ва ўсіх, то ў многіх відах эканамічнай дзейнасці. Кніжная галіна ў гэтым плане не выключэнне, і ў першую чаргу прыцягваюць увагу паказчыкі, атрыманыя ў яе расійскім сегменце, у якім сканцэнтраваны найбуйнейшыя гульцы кніжнага рынку.

Па звестках Расійскай кніжнай палаты, у 2022 годзе расійскія выдавецтвы выпусцілі 108 129 найменняў кніг і брашур, што -0,31% да 2021 г. Сукупны тыраж склаў 392 446,5 тысяч асобнікаў, і гэта +0,77% да 2021 г. У раздзеле «дарослая мастацкая літаратура» тым аўтарам, чые кнігі выдаваліся найчасцей, стаў Стывен Кінг, а ў раздзеле «дзіцячая мастацкая літаратура» такім пісьменнікам стаў Карней Чукоўскі.

Звесткі са справаздачнасці за 2022 год, апублікаваныя на спецыялізаваных расійскіх інтэрнэт-сайтах, сведчаць таксама, што нягледзячы на выхад з расійскага кніжнага рынку замежных гульцоў продажы друкаванай кнігі ў 2022 годзе сталі большымі на 7,5% у параўнанні з 2021 годам. Аднак спецыялісты тлумачаць, што павелічэнне сумы продажаў у 2022 годзе звязана з падаражэннем матэрыялаў для вытворчасці друкаванай кнігі і ростам выдаткаў на гандлёвых пасярэднікаў. Гэтыя фактары абумовілі павышэнне адпускной цаны кніжных навінак на 26,9%. Неадпаведнасць росту цэн інфляцыйным чаканням расійскай чытацкай аўдыторыі звязваюць з тым фактам, што прыкладна кожны адзінаццаты асобнік з накладу, прапанаванага ў розніцу, так і не знайшоў свайго пакупніка.

Пры падвядзенні вынікаў 2022 года ўвага звернута і на склад чытацкай аўдыторыі. Падлічана, што ад агульнай колькасці дарослага насельніцтва Расіі чытаюць кнігі толькі 33,5 млн жыхароў, але пры гэтым адзначаецца чытацкая і пакупніцкая актыўнасць моладзі. Аўдыторыя ва ўзросце ад 16 да 24 гадоў з’яўляецца драйверам чытання (+10% у 2022 г.).