Кніжныя палаты далёкага замежжа
На тэрыторыі постсавецкай прасторы афіцыйны пачатак развіцця інстытута кніжных палат адносяць да 1917 года, калі ў Петраградзе Часовы ўрад прыняў пастанову «Аб установах па справах друку», у адпаведнасці з якой былі заснаваны Кніжная палата і Бюро для складання аглядаў пачасовага друку ў Расіі і за мяжой. Кніжная палата стала першай у свеце дзяржаўнай установай, створанай спецыяльна для рэгістрацыі твораў друку, іх бібліяграфічнага і статыстычнага ўліку. У Савецкім Саюзе кніжныя палаты функцыянавалі ва ўсіх рэспубліках і трох аўтаномных абласцях. Сёння гэты інстытут захоўвае сваё існаванне ў Беларусі, Казахстане, Украіне, Туркменістане, Кіргізіі, Арменіі. У Расіі кніжная палата ўключана ў склад Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі.
У выдавецкай індустрыі так званага далёкага замежжа інстытут кніжных палат таксама атрымаў развіццё. У прыватнасці, з першай паловы ХХ стагоддзя і да гэтага часу працуюць кніжныя палаты ў Бразіліі, Аргенціне, Калумбіі. Праўда, гэтыя арганізацыі, у адрозненне ад устаноў савецка-постсавецкай прасторы, не з’яўляюцца дзяржаўнымі, а ўяўляюць сабой грамадзянскія асацыяцыі. Разам з тым у спектры іх функцый выяўляецца шэраг ідэнтычных пазіцый. Напрыклад, як і Нацыянальная кніжная палата Беларусі, кніжныя палаты Бразіліі, Аргенціны і Калумбіі ажыццяўляюць адміністраванне сістэмы ISBN (міжнароднага стандартнага нумара кнігі) на нацыянальным узроўні і адказваюць за ідэнтыфікацыю і рэгістрацыю ўсіх кніг, выдадзеных у краіне; займаюцца распрацоўкай тэхнічных нарматыўных прававых актаў па выдавецкай справе, кніжным гандлі і бібліяграфіі; выконваюць штогадовыя аналізы вытворчасці друкаванай прадукцыі; і інш.
Бразільская кніжная палата (партуг. «Câmara Brasileira do Livro» – CBL) – гэта некамерцыйная асацыяцыя, якая прадстаўляе выдаўцоў, кнігагандляроў, дыстрыб’ютараў і іншых спецыялістаў выдавецкай галіны. Асацыяцыя заснавана 20 верасня 1946 года, яе афіцыйна заяўленая місія – умацаванне ўсіх звёнаў у ланцужку вытворчасці кніг і садзейнічанне дэмакратызацыі доступу да кніг і чытання.
Аргенцінская кніжная палата (ісп. «Cámara Argentina del Libro» – CAL) – некамерцыйная бізнес-асацыяцыя аргенцінскага выдавецкага сектара. Заснавана ў 1938 годзе, у цяперашні час аб’ядноўвае больш за пяцьсот нацыянальных выдаўцоў, кнігарняў і дыстрыб’ютараў. Місія CAL заключаецца ў тым, каб прадстаўляць, прасоўваць і абараняць інтарэсы аргенцінскай выдавецкай індустрыі, а таксама садзейнічаць распаўсюджанню аргенцінскай кнігі і росту яе рынку як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні
Калумбійская кніжная палата (ісп. «Cámara Colombiana del Libro» – CCL) «вырасла» з саюзу выдаўцоў і ўладальнікаў кнігарняў, атрымаўшы прававы статус ад Міністэрства юстыцыі ў 1951 годзе. Сёння місіяй CCL з’яўляецца садзейнічанне развіццю выдавецкай справы ў Калумбіі, а таксама накіроўванне, прадстаўленне і абарона інтарэсаў усіх яе агентаў у межах крытэрыю дабрабыту, супрацоўніцтва, адукацыйнага і культурнага прагрэсу нацыі. Да аднаго са значных дасягненняў CCL адносіцца арганізацыя і правядзенне Міжнароднага кніжнага кірмашу ў Багаце (FILBO), які стаў другой па важнасці рэдакцыйнай і культурнай падзеяй у Лацінскай Амерыцы.
Усе тры кніжныя палаты дабіваюцца дасягнення сваіх мэт у тым ліку і праз уваходжанне ў розныя міжнародныя аб’яднанні, сярод якіх найбольш буйным з’яўляецца Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (International Publishers Association – IPA).
У заключэнне трэба адзначыць, што сёння на розных дыскусійных пляцоўках выказваецца меркаванне, што інстытут кніжнай палаты з уласцівымі яму функцыямі і магчымасцямі не толькі з’яўляецца надзейным гарантам захавання ўсёй культурна-інтэлектуальнай спадчыны краіны (што, безумоўна, садзейнічае захаванню яе самабытнасці і незалежнасці), але і сведчыць аб прысутнасці ў дзяржаве рэальнай устаноўкі на яе ўстойлівае развіццё як культурна-прававога ўтварэння, змацаванага адказнымі адносінамі да пытанняў пераемнасці гэтай спадчыны.