Галоўная » Падзеі » Літаратурная прэмія «Ясная Паляна»

Літаратурная прэмія «Ясная Паляна»

Прэмія «Ясная Паляна» была заснавана ў 2003 годзе і да цяперашняга моманту з’яўляецца самай буйной штогадовай літаратурнай прэміяй Расіі. Сузаснавальнікамі сталі музей-сядзіба Л. М. Талстога і кампанія Samsung Electronics. Прызавы фонд прэміі складае 6,7 мільёнаў расійскіх рублёў. У склад журы ўваходзяць вядомыя расійскія пісьменнікі, літаратурныя крытыкі і грамадскія дзеячы. Узначальвае журы Уладзімір Ільіч Талстой – прапраўнук Л. М. Талстога.

Прэмія «Ясная Паляна» уручаецца штогод за лепшы мастацкі твор традыцыйнай формы ў чатырох намінацыях.

У межах намінацыі «Сучасная руская проза» ацэньваюцца кнігі, якія вызначаюць кола сучасных літаратурных тэндэнцый і якія выйшлі ў свет пасля 2021 года. У 2023 годзе на суісканне прэміі «Ясная Паляна» ў гэтай намінацыі было пададзена больш за 150 твораў. У маі 2023 года быў абвешчаны вялікі спіс кніг-«намінантаў» (г. зн. спіс, сфарміраваны экспертамі па выніках разгляду прадстаўленых твораў) – у ім 30 пазіцый. Імёны фіналістаў абвесцяць 4 верасня 2023 года. Лаўрэат намінацыі атрымае 3 мільёны рублёў, а іншыя аўтары, якія ўвайшлі ў кароткі спіс, падзеляць паміж сабой 1 мільён рублёў.

У намінацыі «Замежная літаратура» ўзнагароджваюцца замежныя кнігі XXI стагоддзя і іх пераклад на рускую мову. У 2023 годзе кароткі спіс кніг, якія прэтэндуюць на прэмію, сфарміраваны з васьмі твораў з васьмі краін. Лаўрэат намінацыі – замежны аўтар – атрымае 1 мільён 200 тысяч рублёў. Перакладчыку кнігі будзе ўручана 500 тысяч рублёў.

У намінацыі «Асоба» адзначаецца ўклад у развіццё рускай літаратуры, а ў намінацыі «Прапушчаныя шэдэўры» – пераклад на рускую мову твора сусветнай літаратуры, не заўважанага ў момант выхаду кнігі і адкрытага для чытачоў у Расіі ўжо пасля смерці аўтара. Гэтыя дзве намінацыі новыя, і ў 2023 годзе лаўрэаты ў іх будуць выбірацца ўпершыню. Лаўрэатам намінацыі «Асоба» можа стаць дзеяч мастацтва, які ажыццявіў экранізацыі і пастаноўкі літаратурных твораў або аказаў, на думку журы і экспертаў прэміі, прыкметны ўплыў на літаратурнае жыццё Расіі. Пакуль аб кандыдатурах у намінацыі «Асоба» інфармацыя не прадстаўлена. У намінацыі «Прапушчаныя шэдэўры» аказалася шэсць кніг з шасці розных краін. Пераможца – перакладчык кнігі на рускую мову – атрымае 250 тысяч расійскіх рублёў, а выдавецтва, якое выпусціла кнігу, удастоіцца спецыяльнага дыплома.  

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі «Ясная Паляна» за 2023 год адбудзецца 4 кастрычніка ў Вялікім тэатры.

Больш падрабязную інфармацыю пра ўсё, што звязана з прэміяй «Ясная Паляна», можна атрымаць на яе афіцыйным сайце https://yppremia.ru .