МІЖНАРОДНЫЯ КНІЖНЫЯ КІРМАШЫ ПЕРШАГА ПАЎГОДДЗЯ 2024 ГОДА
Да ліку самых яркіх і цікавых сусветных падзей, якія запланаваны на першае паўгоддзе 2024 года і якія несумненна будуць у фокусе ўвагі як прафесіяналаў у сферы кніжнай індустрыі, так і кнігалюбаў-чытачоў, можна аднесці:
● XXХI Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш (ММКВК, http://xn----7sbba0alnfqfc2bc9rb.xn--90ais/), якая адбудзецца з 14 па 17 сакавіка ў выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14 у Мінску. Арганізатарам ХХХІ ММКВК з’яўляецца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ААТ «Белкніга», ПК ТАА «Макбел».
● 47-ы Калькуцкі міжнародны кніжны кірмаш (International Kolkata Book Fair, https://www.kolkatabookfair.net/), які пройдзе з 18 па 31 студзеня ў Калькуце. Гэта адна з найбуйнейшых падзей у свеце кніг не толькі ў Індыі, але і ў Азіі. За тыдзень яе наведвае, як правіла, больш за два мільёны чалавек. Рускамоўныя выданні на кірмашы прадстаўляе Рускі дом у Калькуце пры падтрымцы Генеральнага консульства Расіі.
● 55-ы Каірскі міжнародны кніжны кірмаш (Cairo International Book Fair, https://cairobookfair.gebo.gov.eg/), які адкрыецца 24 студзеня і працягнецца да 6 лютага ў Міжнародным выставачным цэнтры Егіпта ў новым Каіры. Гэта адзін з найбуйнейшых кніжных кірмашоў на Блізкім Усходзе і адна з галоўных штогадовых культурных падзей Егіпта. Штогод выставу наведваюць каля двух мільёнаў чалавек.
● 51-ы Міжнародны кніжны кірмаш у Нью-Дэлі (New Delhi World Book Fair, https://www.nbtindia.gov.in/ndwbf2024/), які адбудзецца з 10 па 18 лютага ў Прагаці Майдан, сучасным выставачным комплексе ў цэнтры сталіцы Індыі. Арганізатары – Нацыянальны кніжны фонд, Міністэрства адукацыі Індыі, Дэпартамент вышэйшай адукацыі, урад Індыі.
● 32-і Міжнародны кніжны кірмаш у Гаване (La feria internacional del libro de La Habana, FIL), які пройдзе з 15 па 25 лютага. Гэта адна з найважнейшых падзей у выдавецкім свеце Лацінскай Амерыкі. Арганізатарамі кірмашу з’яўляюцца Міністэрства культуры Кубы, Кубінскі інстытут кнігі. Традыцыйна выстава праводзіцца ў старадаўняй крэпасці «Сан-Карлас дэ ла Кабанья» (Fortalezade San Carlosdela Cabaña). Гандлёва-выставачныя залы будуць адкрыты і ў найбольш шматлюдных месцах кубінскай сталіцы – на 23-й вуліцы ў павільёне «Куба» і на праспекце Ранча Байерас.
● Тайбэйскі міжнародны кніжны кірмаш (Taipei International Book Exhibition, https://www.tibe.org.tw/en/), які пройдзе з 20 па 25 лютага ў Цэнтры міжнароднага гандлю ў Тайбэі, Тайвань. Упершыню выстава была арганізавана ў 1987 годзе. З 2005 года штогод праводзіцца Фондам тайбэйскай кніжнай выставы. Гэта вядучая кніжная выстава ў Азіі і адно з найбуйнейшых мерапрыемстваў у свеце разам з Франкфурцкім кніжным кірмашом у Германіі, Балонскім дзіцячым кніжным кірмашом у Італіі і кніжнай выставай «BookExpo America» у ЗША.
● Лонданскі кніжны кірмаш (The London Book Fair 2024, https://www.londonbookfair.co.uk/), які будзе праводзіцца з 12 па 14 сакавіка ў Лондане, Вялікабрытанія. Гэта адна з самых прэстыжных пляцовак, на якой штогод прысутнічаюць вядучыя выдавецтвы Еўропы, ЗША і іншых краін свету, літаратурныя агенты, прадаўцы, пісьменнікі, перакладчыкі, ілюстратары, прадстаўнікі бібліятэк, навуковых інстытутаў і іншыя спецыялісты. У рамках Лонданскага кніжнага кірмашу арганізуюцца семінары, круглыя сталы, канцэрты і іншыя культурныя мерапрыемствы; праходзяць аўтограф-сесіі вядомых пісьменнікаў; заключаюцца здзелкі на выданне кніг, пераклады, прадастаўляюцца гранты.
● Лейпцыгскі кніжны кірмаш (Leipzig Book Fair, https://www.leipziger-buchmesse.de/en/ ), які адбудзецца з 21 па 24 сакавіка ў Лейпцыгу, Германія. Штогод кірмаш наведваюць больш за 274 000 чалавек, каб адкрыць для сябе новыя літаратурныя выданні, і прымаюць удзел больш за 2080 экспанентаў з 40 краін. У рамках Лейпцыгскага кніжнага кірмашу праходзіць найбуйнейшы ў Еўропе фестываль чытання.
● Брусельскі кніжны кірмаш (La Foire du Livre de Bruxelles, https://flb.be/), які пройдзе з 4 па 7 красавіка ў Бруселі, Бельгія. Гэтая выстава-кірмаш вядома як самая значная культурная падзея для краін франкафоннага свету, бо менавіта Французская мова з’яўляецца галоўнай на мерапрыемстве. Экспазіцыя кірмашу звычайна дзеліцца на некалькі павільёнаў, у якіх прадстаўляюцца кнігі па інтарэсах. У кожным павільёне ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы: майстар-класы, прэзентацыя новай кнігі, падпісанне кніг, выставы, круглыя сталы, семінары, лекцыі і нават ставяцца невялікія спектаклі.
● VII Еўразійскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш (Eurasian book fair 2024, https://www.eurasbook.com/), якая будзе праходзіць з 10 па 14 красавіка ў Астане, Казахстан. Гэта найбуйнейшае культурна-асветніцкае мерапрыемства ў еўразійскай прасторы, якое аб’ядноўвае на адной вялікай інтэлектуальнай платформе выдавецкія, кнігагандлёвыя, навукова-адукацыйныя і паліграфічныя кампаніі краін Еўропы і Азіі. Арганізатар –выдавецтва «Фаліянт» (Рэспубліка Казахстан, г. Астана).
● Міжнародны кніжны кірмаш у Абу-Дабі (Abu Dhabi International Book Fair 2024, https://adbookfair.com/en/adibf/participation-terms-and-conditions), які адбудзецца з 29 красавіка па 5 мая ў Абу-Дабі, ААЭ. Арганізатар мерапрыемства – Дэпартамент культуры і турызму Абу-Дабі.
● Іерусалімскі міжнародны кніжны форум (Jerusalem International Book Fair, https://www.jbookforum.com/), правядзенне якога запланавана на 26–29 мая. Гэта праект муніцыпалітэта Іерусаліма, створаны муніцыпальнай кампаніяй «Арыэль». Упершыню мерапрыемства праведзена ў 1963 годзе. Да нядаўняга часу называлася «Іерусалімскі міжнародны кніжны кірмаш». Зараз у аснове форуму ляжыць праграма мерапрыемстваў, якая ўключае панэльныя дыскусіі, дыскусійныя групы, інтэрв’ю, прэзентацыі і нефармальныя сустрэчы, на якіх прафесіяналы ў галіне выдавецкай справы могуць удзельнічаць у свабодным абмене ідэямі з калегамі.