ПАСТУПЛЕННЕ АБАВЯЗКОВЫХ ЭКЗЭМПЛЯРАЎ ДРУКАВАНЫХ ВЫДАННЯЎ У 2023 ГОДЗЕ
У 2023 годзе Нацыянальная кніжная палата Беларусі працягнула работу па ўліку і дзяржаўнай рэгістрацыі айчынных друкаваных выданняў на аснове сістэмы абавязковага экзэмпляра, устаноўленай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Усяго ў 2023 годзе зарэгістравана 40 157 абавязковых экзэмпляраў друкаваных выданняў, уключаючы кнігі, газеты часопісы, плакаты, улёткі, інш., што на 6,1% менш за аналагічны паказчык мінулага года.
Істотных зменаў у структуры друкаваных выданняў не назіралася. Сярод зарэгістраваных выданняў, як і ў мінулыя гады, 20% складаюць кнігі і брашуры, каля 50% – нумары газет, 11,5% – выпускі часопісаў і бюлетэняў, каля 17% – ведамасныя і ліставыя выданні. Астатняя доля выпуску прыпадае на нотныя, выяўленчыя, картаграфічныя віды выданняў, аўтарэфераты дысертацый. У 2023 годзе зарэгістравана адна новая газета і 8 новых часопісаў.
Агульнае скарачэнне выпуску друкаваных выданняў у Рэспубліцы Беларусь у апошнім дзесяцігоддзі (2014–2023) склала 39,6%.
Дынаміка паступлення друкаваных выданняў
у Нацыянальную кніжную палату Беларусі, экз.
2014-2023 гады