Галоўная » Падзеі » З юбілеем, шаноўная Ірына Іосіфаўна!

З юбілеем, шаноўная Ірына Іосіфаўна!

16 сакавіка 2023 года спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Ірыны Іосіфаўны Фалькоўскай – намесніка дырэктара Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі з 1978 па 1987 год. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта свой працоўны шлях Ірына Іосіфаўна пачала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, дзе працавала з 1955 па 1977 год. У 1965 годзе была пераведзена ў Беларускую кніжную палату, якая тады была аддзелам бібліятэкі, а ў 1977 годзе стала самастойнай установай. У Кніжнай палаце Ірына Іосіфаўна прайшла шлях ад бібліёграфа да намесніка дырэктара па навуковай рабоце.

Узгадвае сама Ірына Іосіфаўна: "Палата расла, мяняліся яе функцыі і структура, паступова ўзрастала роля палаты ў беларускім кнігавыданні, але мы ніколі не спыняліся на дасягнутым, заўсёды хацелі ісці далей. На маіх вачах адбывалася станаўленне дзяржаўнай бібліяграфіі. Разам з калегамі я перажывала ўсё змены і новаўвядзенні. Гісторыя станаўлення палаты не проста прайшла перад нашымі вачыма, мы самі стваралі гэтую гісторыю".

Слаўным быў працоўны шлях Ірыны Іосіфаўны, яго сляды можна знайсці на старонках Летапісу друку Беларусі, рэдактарам якога яна была. Яе працоўныя дасягненні не аднойчы адзначаліся на дзяржаўным узроўні. Ірына Іосіфаўна ўзнагароджана граматай раённага камітэта КПБ, Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры, граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём "Ветэран працы", Ганаровай граматай Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю.

Усе, каму пашчасціла працаваць з Ірынай Іосіфаўнай, успамінаюць пра яе як пра адкрытага, прынцыповага, энергічнага чалавека, які валодае не толькі выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, працавітасцю, адказнасцю, але і выдатным пачуццём гумару і гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў любой сітуацыі.

І зноў працытуем Ірыну Іосіфаўну: "Я ніколі не магла быць па-за палатай, не магла проста прыходзіць туды і сыходзіць па званку – я была яе арганізмам, жыла яе жыццём, таму што мне сапраўды было цікава і не абыякава ўсё, што там адбывалася”.

І праўда – былых кіраўнікоў не бывае. Калектыў Кніжнай палаты віншуе свайго намесніка дырэктара з юбілеем, жадае яму здароўя, доўгага жыцця, здзяйснення ўсіх надзей і заўсёды шчаслівай усмешкі на вуснах!