ISBN
Міжнародны стандартны кніжны нумар ISBN
Міжнародны стандартны кніжны нумар (ISBN) – унікальны нумар кніжнага выдання, які выкарыстоўваецца ва ўсім свеце ў сферы кніжнага бізнэсу, выдавецкай і бібліятэчнай справы. ISBN ужываецца для пошуку інфармацыі ў бібліяграфічных і кнігагандлёвых, выдавецкіх базах даных; для афармлення выходных звестак выданняў, а таксама для фарміравання штрых-кода EAN-13, які выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі кнігі як тавара ў гандлі.
Сістэма міжнароднай стандартнай нумарацыі кніг ISBN з’явілася ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзі. У цяперашні час у ёй удзельнічаюць больш за 160 краін.
Адміністраванне сістэмы ISBN здзяйсняецца на трох узроўнях: міжнародным, нацыянальным (рэгіянальным) і выдавецкім.
На міжнародным узроўні кіраўніцтва сістэмай ажыццяўляе Міжнароднае агенцтва ISBN, якое знаходзіцца ў Лондане. Яно прапагандуе, каардынуе і кантралюе выкарыстанне сістэмы ISBN ва ўсім свеце, вылучае нумар рэгістрацыйнай групы (ідэнтыфікатар групы) для нацыянальных агенцтваў, усталёўвае для іх дыяпазон нумароў рэгістрантаў (ідэнтыфікатараў выдаўцоў – вытворцаў дакументаў).
Рэспубліка Беларусь зарэгістравана Міжнародным агенцтвам ISBN з нумарам рэгістрацыйнай групы 985.
На нацыянальным (рэгіянальным) узроўні кіраванне сістэмай ISBN здзяйсняюць прызначаныя ва ўсталяваным парадку рэгістрацыйныя нацыянальныя (рэгіянальныя) агенцтвы. У Рэспубліцы Беларусь – гэта Беларускае агенцтва ISBN, якое працуе з 1993 года на базе дзяржаўнай установы «Нацыянальная кніжная палата Беларусі».
Беларускае агенцтва ISBN нясе адказнасць за ўкараненне і распаўсюджванне інфармацыі аб сістэме ISBN у краіне, здзяйсняе кантроль за правільнасцю выкарыстання ISBN выдаўцамі Беларусі, аказвае метадычную дапамогу па пытаннях практычнага ўжывання ISBN, вылучае ідэнтыфікатары, разлічвае кантрольную лічбу ISBN для выдаўцоў, вядзе рэгістрацыйную базу даных «Ідэнтыфікатары ISBN: выдаўцы Беларусі».
З 1994 года звесткі аб выдаўцах Беларусі публікуюцца ў міжнародным даведніку «Publishers' International ISBN Directory».
У Беларусі дзейнасць у вобласці міжнароднай стандартнай кніжнай нумарацыі (ISBN) рэгламентуецца дзяржаўным стандартам СТБ 7.53-2019 «Выданні. Міжнародны стандартны кніжны нумар. Выкарыстанне і выдавецкае афармленне».