Аб Кніжнай палаце Беларусі
З гісторыі
Нацыянальная кніжная палата Беларусі была створана ў 1924 годзе, калі ў адпаведнасці з пастановай Савета народных камісараў БССР № 47 ад 25 чэрвеня ў структуры Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі пачаў работу аддзел «Беларуская кніжная палата».
У 1977 годзе пастановай Савета Міністраў БССР № 141 ад 13 мая “О создании Государственной книжной палаты БССР” аддзел быў пераўтвораны ў самастойную ўстанову – “Дзяржаўная кніжная палата Беларусі” і падпарадкаваны Дзяржаўнаму камітэту БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю.
На Палату былі ўскладзены функцыі рэспубліканскага навуковага цэнтра дзяржаўнай бібліяграфіі, статыстыкі друку, рэспубліканскага архіва друку, цэнтралізаванай каталагізацыі і галіновага цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі па выдавецкай дзейнасці, паліграфіі, кніжным гандлі і бібліяграфіі.
У 1992 годзе ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 579 ад 23 верасня Дзяржаўная кніжная палата Рэспублікі Беларусь перайменавана ў Нацыянальную кніжную палату Беларусі.
1 жніўня 2013 года ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь» № 8-З ад 29 снежня 2012 года ўстанова «Нацыянальная кніжная палата Беларусі» пераназвана ў дзяржаўную ўстанову «Нацыянальная кніжная палата Беларусі».
У цяперашні час Нацыянальная кніжная палата Беларусі з’яўляецца ўстановай галіны культуры і ўтрымліваецца на сродкі рэспубліканскага бюджэту.
Накірункі дзейнасці
Атрыманне бясплатных абавязковых экзэмпляраў усіх відаў друкаваных выданняў, выдадзеных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама за яе межамі па заказах беларускіх выдаўцоў.
Дзяржаўная бібліяграфічная рэгістрацыя друкаваных выданняў.
Фарміраванне баз даных аб кнігах і брашурах, аўтарэфератах дысертацый, картаграфічных, выяўленчых і нотных выданнях, газетных і часопісных артыкулах і таксама аб беларускай экстэрыёрыцы.
Падрыхтоўка і выпуск бягучых дзяржаўных бібліяграфічных паказальнікаў і паказальнікаў рэтраспектыўнай бібліяграфіі.
Атрыманне і апрацоўка ведамаснай справаздачнасці аба выпуску неперыядычных выданняў і друкаваных СМІ.
Статыстычны ўлік друкаваных выданняў, фарміраванне статыстычных баз даных і публікацыя статыстычных даных у штогодніку “Друк Беларусі”.
Выданне іншай тэматычнай літаратуры.
Арганізацыя і захоўванне ўсіх друкаваных выданняў Рэспублікі Беларусь з пачатку ХХ стагоддзя ў дзяржаўным фондасховішчы.
Арганізацыя распрацовак, распрацоўка і ўкараненне тэхнічных нарматыўных прававых актаў (стандартаў і тэхнічных умоў) па асноўных накірунках дзейнасці галіны: выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, кніжным гандлі і бібліяграфіі.
Выкананне функцый Беларускага агенцтва стандартнай нумарацыі кніг (ISBN).
Аказанне платных інфармацыйных і даведачна-бібліяграфічных паслуг па запытах карыстальнікаў інфармацыі.